МЕНЮ

Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.

Время работы: понедельник - четверг 9.00-18.00, пятница 9.00-15.30

.

.

.

.

.
МЕНЮ

Музей, што дае крылы

Музейная педагогіка ў сістэме адукацыі зараз перажывае зорны час, і ўвага да школьнага музея як дзейснага сродку выхавання самая пільная. Таму дыплом трэцяй ступені І Рэспубліканскага форуму музеяў устаноў адукацыі, якім адзначана Аліна Пахвалённая, кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага  музея «Невычэрпная крыніца гісторыі» гімназіі № 25 імя Рымы Шаршнёвай і музея гісторыі  адукацыі Заводскага раёна , — добрая нагода для інтэрв’ю ў рубрыцы «Асоба».

— Як прыйшла ў гэту школу ў 1980 годзе, так і працую тут ужо 43 гады, — расказвае Аліна Казіміраўна. — Кіраўніком школьнага музея стала ў 1987 годзе, пасля першай фальклорна-этнаграфічнай экспедыцыі ў вёску Галаўцы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці, дзе я нарадзілася і вырасла. Прывезлі адтуль пяцьсот экспанатаў. Яны і сталі асновай школьнага музея беларускага побыту, які зараз называецца «Невычэрпная крыніца гісторыі» і мае статус народнага.

— Аднавяскоўцы, відаць, надзвычай гасцінна аднесліся да той фальклорна-этнаграфічнай экспедыцыі?

— Так, бо разам са мной прыехалі вучні амаль цэлага класа і адна калега-настаўніца. Мы размеркавалі дзяцей па хатах, і кожны вясковец імкнуўся даць ім нейкую рэч, якая б магла стаць экспанатам школьнага музея. Да таго ж з намі быў гарманіст-самавучка Ілюша Кананенка. Ад чыгуначнай станцыі да вёскі трэба было ісці тры кіламетры, і калі жыхары вёскі здалёк пачулі гукі гармоніка, усе павысыпалі з хат, каб паглядзець, што гэта за свята да іх набліжаецца. Экспедыцыя доўжылася цэлы тыдзень, і мае вучні разам з вяскоўцамі кожны дзень ладзілі вячоркі! Мы яшчэ і песні запісвалі, і прыказкі з прымаўкамі — усё гэта пайшло ў вучнёўскія партфоліа.

Бацька Аліны Казіміраўны працаваў у калгасе, маці была медсястрой. Пачатковая школа, у якой вучылася дзяўчынка, размяшчалася ў звычайнай сялянскай хаце, падзеленай на дзве часткі. У адной палове жыла настаўніца з сям’ёй, а ў другой вучыліся чатыры невялічкія класы пачаткоўцаў. Потым сям’я пераехала ў вёску Сноў Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці, і сярэднюю школу Аліна скончыла ўжо там. Паступіла ў педагагічны інстытут імя Горкага і аднойчы, калі зайшла на чацвёрты паверх, на сцяне заўважыла фотаздымак, з якога на яе ўважліва глядзеў яе школьны настаўнік Іван Калоша! Пад фота быў подпіс, які прадстаўляў яго як вядомага беларускага краязнаўцу.

— Настолькі была ўражана такой нечаканай сустрэчай! У школе захацела працаваць і выкладаць беларускую мову і літаратуру менавіта толькі таму, што гэта ён, наш настаўнік, прывіў нам любоў да роднай мовы, роднага краю, яго звычаяў і традыцый.

— А калі ў вас узнік інтарэс да краязнаўства?

— На ўроках Івана Іосіфавіча Калошы. Калі прыйшла вучыцца ў Сноўскую школу, там ствараўся гісторыка-краязнаўчы музей. Іван Іосіфавіч прыносіў экспанаты з музея на заняткі па беларускай мове і літаратуры, якія і без таго былі вельмі жывымі і эмацыйнымі. Хацеў зрабіць іх яшчэ больш займальнымі і пазнавальнымі. Ведаеце, на сваіх уроках беларускай мовы і літаратуры да гэтай пары раблю тое ж самае! Любоў да калекцыянавання, якая ў мяне захоўваецца па сённяшні дзень, таксама ўзнікла ў той час. Іван Іосіфавіч у маім жыцці — гэта вельмі яркая фігура, сапраўды настаўнік ад Бога.

— Вашы калегі таксама неяк карыстаюцца музейнай экспазіцыяй у сваёй педагагічнай дзейнасці?

— Так, у нашым музеі праводзяцца ўрокі працоўнага навучання, геаграфіі, гісторыі, беларускай і рускай мовы і літаратуры, а таксама замежных моў. Патлумачу. Экскурсія па музеі пераведзена на англійскую мову, каб можна было запрашаць і гасцей з замежжа. Кожная частка экспазіцыі замацавана за тым ці іншым вучнем, і ён можа падрабязна расказаць аб кожным музейным прадмеце. У гімназіі ёсць таксама гурток кітайскай мовы, таму настаўніца, якая яго вядзе, перавяла музейную экскурсію яшчэ і на кітайскую мову. Трэба было бачыць, з якой цікавасцю слухалі яе нашы госці з Кітая!

Музей «Невычэрпныя крыніцы гісторыі» развіваецца ў трох асноўных напрамках: «Патрыёты Бацькаўшчыны», «Царкоўнае краязнаўства» і «Беларускі побыт». Асобныя вітрыны прысвечаны традыцыйным народным рамёствам: салома- і лазапляценню, ткацтву і вышыўцы, дрэваапрацоўчаму промыслу, кавальскаму майстэрству і шапавальству. Прадстаўлена яшчэ шмат чаго: гарадскі побыт XIX — пачатку XX стагоддзя, школьная форма і пісьмовыя прылады савецкага часу. У музеі нават урокі чыстапісання пёравымі ручкамі праводзяць.

За экспазіцыю па ганчарстве «Мастацтва гліны і агню» адказвае Данііл Кухто. У 2021 годзе на рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі навучэнец быў адзначаны дыпломам І ступені ў намінацыі «Музейная мазаіка». А ў гэтым годзе ён стаў уладальнікам дыплома І ступені ўжо на адкрытых міжнародных краязнаўчых чытаннях «Помнім мінулае, шануем сучаснасць, будуем будучыню». У секцыі «Музей у чамадане: мы ідзём да вас» юнак прэзентаваў тэматычную інтэрактыўную экскурсію.

— Што на гэты раз уразіла журы?

— Да работы Даніка мы вырашылі прыкласці партфоліа экскурсавода па тэме ганчарства, што сабрана за некалькі гадоў. Ён зараз ужо ў восьмым класе, а збіраць партфоліа пачаў яшчэ ў пятым. Там прадстаўлена ўсё тое, што мы робім у музеі, а таксама прыказкі, прымаўкі, нават «рэкламныя паўзы»: «Калі ласка: гладышы! Выбірайце для душы, малако ў іх налівайце, ганчароў успамінайце! А пузаценькі гаршчок грэе ў печы круглы бок, кашу смачную гатуе, усіх дзетак пачастуе!»

— Якія якасці трэба мець навучэнцу, каб стаць экскурсаводам?

— Усё пачынаецца восенню, 1 верасня, калі я кажу: «Дзеці, прыдзіце заўтра ў школу з анучкамі!» Тыя здзіўляюцца: «Чаму гэта мы павінны з анучкамі прыйсці?» Жартую: «Каб пыл стагоддзяў сцерці». А потым усё проста: гляджу, як дзеці бяруць у рукі экспанаты. Адразу бачу, для каго яны цікавыя, а для каго не. Для мяне не прынцыпова, як дзіця вучыцца, якія ў яго адзнакі, як ён сябе паводзіць. А вось як ён адносіцца да экспанатаў, для мяне надзвычай важна! І вось вам, калі ласка, аб’ектыўная карціна: тыя з дзяцей, каго чымсьці чапляюць музейныя рэчы, і ёсць мае патэнцыйныя экскурсаводы.

Экскурсаводчая дзейнасць, лічыць суразмоўца, не проста раскрывае здольнасці вучня, а іншы раз проста акрыляе. Ён становіцца ўпэўненым у сабе, калі вядзе экскурсію для вялікай аўдыторыі, вучыцца граматна фармуляваць думкі. Спрыяюць гэтаму і шматлікі конкурсы, у якіх гімназісты актыўна ўдзельнічаюць. Неяк у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства ладзілася творчая майстэрня для юных экскурсаводаў. Дзецям далі па некалькі музейных прадметаў, здавалася б, зусім далёкіх адзін ад аднаго, напрыклад, серп, кошык, лапці і ступку. Ім неабходна было не толькі назваць, што гэта за рэчы, знайсці іх апісанне ў інтэрнэце, але і прыдумаць нейкую легенду, у якой гэтыя рэчы былі б неяк звязаны паміж сабой. Аліна Казіміраўна адразу адчула патэнцыял такога творчага падыходу, і ў хуткім часе на музейным савеце гімназіі ўдала ім скарысталася.

— Размеркавала дзяцей на чатыры групы. Кожнаму з дзяцей дала па некалькі музейных прадметаў — тое, што на мяне глядзела, не думаючы нават — і прапанавала выканаць такое ж заданне. Настолькі было цікава! Гэта сапраўды эфектыўны прыём для падрыхтоўкі школьных экскурсаводаў. Вельмі ўдзячна краязнаўчаму форуму за такую слушную падказку.

— Пэўна, пераемнасць музейна-культурных традыцый увогуле адбываецца галоўным чынам праз людзей неабыякавых?

— Калі хтосьці з зацікаўленых вучняў прыносіць нейкую незвычайную рэч, бабуліну ці дзядулеву, якіх, можа, і на свеце ўжо няма, і гэты музейны прадмет займае сваё месца ў экспазіцыі, бацькі прыходзяць на эскурсію, слухаюць сваіх дзетак, якія правялі пэўнае гістарычнае ці краязнаўчае даследаванне, і здзіўляюцца: «Мы і не ведалі пра такое!» Прычым часам узнікае эфект снежнага камяка, які коціцца па схіле: бацькі нечакана для сябе таксама захапляюцца краязнаўствам і пачынаюць сваё даследаванне, а потым і самі прыносяць у наш музей нейкія цікавыя рэчы. Такія моманты абавязкова адзначаю: фатаграфую, уручаю ўдзячнасць за папаўненне музейных фондаў.

— Нехта з навучэнцаў, як я ведаю, нават дырэктарам школьнага музея можа стаць?

— Так, у пачатку навучальнага года раздаю вучням дырэктарскія партфелі: «Ты цяпер дырэктар музея»! Вось мая былая вучаніца Яна Канаплёва падчас вучобы ў гімназіі была надзвычай актыўным музейшчыкам, дырэктарам майго музея. Дапамагала мне весці ўсю работу, уключаючы нават афармленне дакументацыі. Потым скончыла ўніверсітэт, стала дыпламаванай настаўніцай, вярнулася ў школу і кіруе гуртком на базе музея, цяпер ужо як педагог і даволі вопытны краязнаўца. Уяўляеце, як гэта здорава!

— Дзеці ўвесь час нешта даследуюць?

— Канешне, яны пішуць цікавыя навукова-даследчыя работы. Адна дзяўчынка з шостага класа, Моўчан Сафія, прынесла пяць цудоўных ручнікоў і патлумачыла: «Мая бабуля адна жыве ў Пружанах Брэсцкай вобласці. Ёй ужо 95 гадоў, і каб не сумаваць, яна вышывае ручнікі крыжыкам і хоча, каб такую прыгажосць бачылі ўсе». Я прапаную дзяўчынцы: «А давай мы напішам навуковую работу пра адметнасці ручнікоў у розных кутках Беларусі. Пачні з ручнікоў сваёй бабулі. Хай яна раскажа, як ўсё робіць, як вышывае, які сэнс укладае ў узоры, а ты запішы і сфатаграфуй. Ведаеш, якая гэта будзе добрая памяць, і як табе будзе ўдзячна бабуля за цікавасць да справы, якая мае для яе такую значнасць?!»

Музейная калекцыя гімназіі складаецца амаль з 50 ручнікоў. У асобным памяшканні ёсць экспазіцыя «Хата з матчынай душой». Цэнтральным экспанатам з’яўляецца ручнік з вёскі Неглюбка Гомельскай вобласці, які аздабляе сабой абраз Смаленскай Божай Маці, створаны ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.

— Ручнік вышыла жыхарка Неглюбкі Ганна Сцяпанаўна Суглоб, калі яе сын пайшоў служыць у Афганістан. Павесіла ручнік ў храме на абраз Мікалая Цудатворца, кожны дзень хадзіла і малілася, каб сын вярнуўся з вайны жывы і здаровы. Ён вярнуўся, і маці падарыла гэты ручнік яму на вяселле. Пасля тэхнагеннай катастрофы ў Чарнобылі яны ўсе пераехалі ў Мінск, а праз 17 гадоў унучка Ганны Сцяпанаўны, Наташа Петрышэнка, якая пісала навукова-даследчую работу пра беларускія ручнікі, прынесла цудоўны неглюбскі ручнік у гімназію. Яна і яе бацькі ўпэўнены: такая прыгажосць павінна не ляжаць у шафе, а экспанавацца ў музеі.Мы вельмі шануем гэты ручнік, бо ён сатканы з малітваў маці.

Паколькі гімназісты і іх бацькі належаць да розных рэлігійных канфесій, то напрамак царкоўнага краязнаўства прадстаўляюць праваслаўе, каталіцызм і нават «Габрэйскі куток», дзе разам з прадметамі побыту можна ўбачыць мезузу — рэлігійны прадмет накшталт абярэга. Футлярчык, у якім захоўваецца невялічкі скрутак пергаменту, на якім напісаны фрагмент малітвы, звычайна вешалі на касяку жылога памяшкання, і ён павінен быў аберагаць ад няшчасцяў. Аліна Пахвалённая звычайна пачынае экскурсіі па тэматыцы царкоўнага краязнаўства з экспазіцыі «Чырвоны кут». Асабліва каштоўнымі лічыць Новы Запавет, ручнік і абразы, якія былі падораны музею Уладыкам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам.

— Нагадайце, якія музейныя прадметы вы прадстаўлялі на І Рэспубліканскім форуме ўстаноў адукацыі?

— У прыватнасці, пахвальныя лісты, датаваныя 1908 і 1909 гадамі. Яны былі атрыманы ў свой час першым дырэктарам яшчэ даваеннай узорнай беларускамоўнай школы № 25 імя Аляксандра Чарвякова Іосіфам Сцяпанавічам Вадэйкам. Незвычайнасць іх у тым, што на іх можна бачыць закрэсленыя партрэты асобаў царскай сям’і. Калі мы з вучнямі праводзілі пошуковую работу, быў яшчэ жывы сын Вадэйкі, Рэм Іосіфавіч. Мы пацікавіліся, чаму закрэслены твары манаршых асобаў, і ён расказаў, што бацька зрабіў гэта ўласнаручна, бо быў партыйным чалавекам, актывістам, да таго ж дырэктарам савецкай школы, а царскі рэжым лічыўся тады антынародным.

Калі лічыць сябе падаўжальнікам гісторыі даваеннай школы № 25, як можна не ўзгадаць, што там у свой час працаваў пісьменнік Янка Маўр?

— Сябруем з унучкай Янкі Маўра і Якуба Коласа Марыяй Міхайлаўнай Міцкевіч. Яна дала магчымасць зрабіць копіі некаторых цікавых гістарычных дакументаў, падарыла нам сваю кнігу «Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа».

Выпускнікамі школы былі кіраўнікі патрыятычнага Мінскага падполля Мікалай Каржанеўскі і Анатоль Ляўкоў, Герой Савецкага Союза, лётчык-знішчальнік Міхаіл Зялёнкін.

— Гімназія № 25 носіць імя Рымы Шаршнёвай, таму відавочна, што ў музеі таксама сабраны цікавыя матэрыялы, прысвечаныя ёй.

— Куток, які прысвечаны Рыме Шаршнёвай, знаходзіцца ў экспазіцыі «Музей адукацыі Заводскага раёна г. Мінска». Калі ў 1958 годзе ўзвялі новы будынак нашай школы, то паўстала пытанне, якое імя даць піянерскай дружыне. Пачалася вялікая даследчая праца, падчас якой вучні выйшлі на гісторыю Рымы Шаршнёвай, сямнаццацігадовай дзяўчыны з доўгімі чорнымі косамі, з вялікімі чорнымі вачыма і з брывамі ўразлёт, якая ў 1942 годзе закрыла сабой амбразуру фашысцкага дзота. Прычым зрабіла яна гэта раней, чым такі ж гераічны подзвіг здзейсніў Аляксандр Матросаў. У экспазіцыі прадстаўлены яе бюст, партрэт, які стварыў былы дырэктар Любанскай гімназіі № 1 Аляксандр Брагінец, арыгіналы яе лістоў з фронту, якія былі падараваны музею сястрой Рымы Шаршнёвай, лісты баявых сяброў і маці.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Рыма з Арэнбургскай вобласці адправілася ў Маскву, дзе скончыла курсы тэлефаністаў-радыстаў. Потым перайшла лінію фронту і стала змагацца з фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі акупаванай Беларусі. У шасцідзясятыя гады яе прах быў перанесены з Гомельшчыны ў горад Любань, дзе быў створаны мемарыял у яе гонар і ўсіх тых, хто ваяваў за Любанскую зямлю . На востраве Зыслаў, што ў 10 км ад Любані, выходзіла падпольная газета «Звязда»: у тых месцах таксама партызаніла Рыма. Гімназія № 25 шмат гадоў супрацоўнічае з Любанскай гімназіяй № 1, вучні якой даглядаюць магілу Рымы Шаршнёвай.<span lang="BE" times="" new="" roman",serif;mso-fareast-font-family:"times="" roman";="" mso-ansi-language:be;mso-fareast-language:ru"="" style="box-sizing: border-box; font-size: 14pt;">

— Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі заўжды займала асаблівае месца.

— Безумоўна. Займала і займае. Два гады таму ў нас быў адкрыты музей, прысвечаны гісторыі адукацыі Заводскага раёна. У яго стварэнні ўдзельнічалі ўсе школы раёна. Паказальна, што калі яны рабілі летапісы сваіх устаноў, то расказалі не толькі аб сваіх знакамітых настаўніках і выпускніках, сямейных дынастыях, але, зразумела, і аб настаўніках і вучнях , удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. «Патрыёты Бацькаўшчыны» — адзін з галоўных напрамкаў работы і музея “Невычэрпная крыніца гісторыі”. Нашы экскурсаводы расказваюць пра танкіста-аса Зіновія Калабанава, які ў баі падбіў 22 нямецкія танкі. Вельмі цікавы раздзел прысвечаны газеце «Звязда». Калі расказваем пра Беларусь партызанскую, звязваем аповед з аднайменным помнікам на скрыжаванні вуліцы Варвашэні і Патрызанскага праспекта. Распрацавалі з вучнямі эксклюзіўную экскурсію па мемарыяльным комплексе «Трасцянец», ужо не раз праводзілі яе як для дзяцей, так і дарослых.

Аліну Пахвалённую радуе, што юным экскурсаводам гімназіі № 25 імя Рымы Шаршнёвай падабаецца праводзіць экскурсіі для сваіх жа аднагодкаў, для роўных сабе. Бо калі яны прапускаюць свае словы праз душу і сэрца, то ў Беларусі ніколі не будуць знішчаны помнікі і абеліскі нашым воінам, якія аддалі жыццё за перамогу над фашызмам, ніколі не будзе перапісана гераічная гісторыя Вялікай Перамогі.

Размаўляў Аляксандр КАМЕНЧУКОЎ

Журнал «Минская школа сегодня»

220070, г.Минск,
пр-т Победителей 47/1, подъезд 2

Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.

Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.

(8017) 390 44 63

Рейтинговая оценка

     
     

We use cookies
Для того, чтобы мы могли качественно предоставить Вам услуги, мы используем cookies, которые сохраняются на Вашем компьютере. Нажимая ПРИНЯТЬ, Вы подтверждаете то, что Вы проинформированы об использовании cookies на нашем сайте.